БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д,
барыённы лік, унутраная характарыстыка барыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)